ПАЎНО́ЧНАЯ ДЗВІНА́,
рака ў Валагодскай і Архангельскай абласцях Расіі. Даўж. 744 км, пл. басейна 357 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Сухана і Юг (каля г. Вялікі Усцюг). Да вусця р. Вага цячэ ў шырокай даліне, падзяляецца на рукавы, потым даліна рэзка звужаецца і пасля ўпадзення р. Пінега зноў разбіваецца на рукавы, якія збіраюцца ў адзіны паток каля г. Архангельск. Ніжэй г. Архангельск пачынаецца дэльта (пл. каля 900 км²). Асн. прытокі: Вычэгда, Пінега (справа), Вага (злева). Сярэдні гадавы расход вады каля с. Усць-Пінега 3330 м³/с. Ледастаў ад канца кастр. — пач. ліст. да пач. мая. Уплыў марскіх прыліваў да вусця р. Пінега. П.Дз. злучана праз р. Сухана, воз. Кубенскае і інш. з Волга-Балтыйскім водным шляхам (Паўночна-Дзвінская водная сістэма), праз р. Пінега — з р. Кулой. У бас. П.Дз. больш за 17 тыс. азёр. Суднаходная, сплаўная. На П.Дз. — гарады Вялікі Усцюг, Красавіна, Котлас, Навадзвінск, Архангельск.
т. 12, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)